У Магілёве распавялі забытую гісторыю габрэйскіх мястэчак

У цэнтральнай гарадской бібліятэцы Магілёва даследнікі габрэйскай спадчыны рэгіёну прэзентавалі свае даробкі, паведамляе Радыё Свабода. Сустрэчу краязнаўцаў з пяці райцэнтраў вобласці арганізавала магілёўская габрэйская грамада. Пачуць іх аповеды “Пра забытыя старонкі гісторыі габрэйскіх мястэчак” у чытальню прыйшлі два дзесяткі чалавек. Доследы рупліўцаў мясцовай гісторыі на габрэйскую тэматыку найчасцей застаюцца незапатрабаванымі. Хаця ў паселішчах захавалася нямала прыкметаў колішняга габрэйскага побыту. Толькі вось ня ўбачыш там шыльдаў, што гэты будынак некалі быў сінагогай, а гэты будавалі за сродкі заможных габрэяў.

Не прамінулі на сустрэчы згадаць і Халакост. Ён знішчыў габрэяў беларускіх мястэчак. Цяпер местачковыя краязнаўцы і школьнікі па драбніцах збіраюць звесткі пра ахвяраў Халакосту.