У Магілёве распрацоўваюць комплекс мераў па прапагандзе беларускай мовы

Комплекс мераў па прапагандзе беларускай мовы распрацоўваецца ў Магiлёўскай вобласцi. Гэтая праца пачалася пасля звароту да ўладаў краiны грамадзянскай iнiцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяцi".
Ва ўпраўленнi iдэалогii Магiлёўскага аблвыканкама пагадзiлiся, што сiтуацыя вартая ўмяшання: руская мова стала асноўнай мовай зносiнаў, а родная мова беларусаў, паводле ЮНЕСКА, знаходзiцца пад пагрозай поўнага знiкнення.

Старшыня аблвыканкама Пётр Руднiк даручыў распрацаваць комплекс мераў, дзе б былi сiстэматызаваны высiлкi па прапагандзе беларускай мовы органаў дзяржаўнай улады, дзеячаў нацыянальнай культуры, СМI, грамадскiх арганiзацый усiх узроўняў. Яго мяркуецца рэалiзаваць у 2010 годзе, якi магiлёўскiя ўлады прапануюць аб'явiць Годам роднай мовы.

Комплекс мераў, над якiм цяпер працуе рабочая група, будзе гатовы ў вераснi. Свае прапановы выкажуць установы культуры i адукацыi. Папярэдне мяркуецца, што ў справу могуць уключыцца i першыя асобы вобласцi і раёнаў, i прамаўляць менавiта на беларускай мове ў асаблiва значных i ўрачыстых выпадках. Цэннiкi ў крамах i меню ў грамадскiм харчаваннi, магчыма, будзе рабіцца на дзвюх дзяржаўных мовах, паведамляе газета "Звязда".