У Магілёве тэлефонны тэрарыст “замініраваў” вяселле

Увечары ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях патэлефанаваў невядомы і паведаміў, што ў памяшканні рэстарана "Санта-Марыя" закладзена выбуховае прыстасаванне. На момант прыбыцця падраздзялення МНС работнікі міліцыі эвакуіравалі 25 чалавек - удзельнікаў і гасцей вяселля , якое праходзіла ў гэты вечар у рэстаране, інфармуе БелТА

Бомбы не знайшлі, аднак урачыстасць на дзве гадзіны прыйшлося перанесці на вуліцу. Як высветлілася пазней, хуліганам аказаўся запрошаны на вяселле пенсіянер 1957 года нараджэння. Яму падалося, што сцэнар правядзення вяселля нецікавы, і магілёвец вырашыў унесці разнастайнасці.

Цяпер у дачыненні да "весялуна" ўзбуджаная крымінальная справа па ч.1 арт.340 КК Рэспублікі Беларусь. За загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу або пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.