У Маларыцкім раёне вынятая партыя кантрабандных мабільнікаў на 120 млн.

У Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці канфіскаваная партыя кантрабанднага тавару на 120 мільёнаў рублёў. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Брэсцкага аблвыканкаму, 16 жніўня ў 22.40 супрацоўнікі аддзялення ДАІ Маларыцкага РУУС сумесна з міліцыяй аддзела дэпартамента аховы затрымалі ў лесе непадалёк ад вёскі Олтуш аўтамабіль “Фольксваген-Пассат”, за рулём якога знаходзіўся 31-гадовы беспрацоўны жыхар вёскі Арэхава.

Ён перавозіў 204 мабільныя тэлефоны і аксесуары да іх, а таксама 75 лічбавых фотаапаратаў і камплект аўтамабільнай аўдыёапаратуры “Піянер” без дакументаў, якія б пацвярджалі легальнасць пакупкі.

Паводле папярэдніх звестак, кантрабандная прадукцыя незаконна перавозілася з Украіны і прызначалася для транспартавання ў Гродзенскую вобласць. Тавар канфіскаваны, вядзецца праверка.