У Мастоўскім раёне самы высокі ўзровень беспрацоўя на Гродзеншчыне

Самы высокі ўзровень беспрацоўя ў Гродзенскай вобласці зафіксаваны ў Мастоўскім раёне. Пра гэта паведаміў падчас сесіі мясцовага райсавета намеснік камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Іосіф Цівончык.  Ён звярнуў увагу на высокі ўзровень беспрацоўя на Мастоўшчыне - 1,3%, у той час як па вобласці ў сярэднім меней за 1%.

Як мяркуе дэпутат раённага савета Дзмітрый Кухлей, такая сітуацыя на Мастоўшчыне выклікана рознымі прычынамі: стрымліваннем прадпрымальніцкай ініцыятывы - апошнім часам былі зачынены шэраг шапікаў на цэнтральнай вуліцы горада, ліквідацыяй Мастоўскім райспажыўтаварыствам разнастайнымі спосабамі канкурэнцыі з боку індывідуальных прадпрымальнікаў, адсутнасцю паслядоўнай палітыкі па стварэнню новых вытворчасцяў на Мастоўшчыне і перавагай адной галіны ў прамысловасці раёна - дрэваапрацоўчай, якая апынулася ў крызіснай сітуацыі.