У Мінск прыбудзе прадстаўнік ураду ЗША для перамоваў пра лёс Э.Зельцэра

Па запрашэнні беларускага боку на наступным тыдні ў Мінск прыбудзе прадстаўнік юрыдычнага аддзела Дзярждэпартамента ЗША для перамоваў аб вызваленні амерыканскага грамадзяніна Эмануіла Зельцэра. Пра гэта яго брату Марку Зельцэру паведамілі ў Дзярждэпе.

Як паведаміў БелаПАН М.Зельцэр, на 22 студзеня запланаваныя перамовы ў Адміністрацыі прэзідэнта. Паводле ягоных словаў, у Дзярждэпартамента няма дакладнага ўяўлення аб магчымых умовах перамоваў. Беларускія ўлады папярэдне зазначылі, што Э.Зельцэр будзе вызвалены на ўмовах, якія будуць адпавядаць узаемным інтарэсам.

Брата зняволенага запэўнілі ў Дзярждэпартаменце, што "гандаль наконт вызвалення Зельцэра выключаны амерыканскай Канстытуцыяй: ЗША не вядуць перамовы, звязаныя са здароўем і жыццём амерыканскага грамадзяніна".

"Гэта вельмі добрая навіна. Я не магу ўявіць, каб чыноўнік, запрошаны беларускім бокам, вярнуўся ў ЗША без майго брата", — заявіў М.Зельцэр. Паводле ягонай інфармацыі, супрацоўнік Дзярждэпартамента ўжо атрымаў беларускую візу.

Зельцэр быў арыштаваны 12 сакавіка 2008 года разам са сваім сакратаром Уладленай Функ. 11 жніўня Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі за выкарыстанне заведама падманных дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж. 31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прыгавор у сіле. Усе судовыя працэсы праходзілі ў закрытым рэжыме.

ЗША працягваюць настойваць на вызваленні Эмануіла Зельцэра з меркаванняў гуманнасці ў сувязі з цяжкім станам здароўя асуджанага.