У мінскім абласным раддоме няма месцаў нават у калідоры

Раддом адмаўляе жанчынам у шпіталізацыі. “І ўвогуле выкідыш — гэта не паказанне ляжаць менавіта там, можна ляжаць і ў Смалявічах”, — гавораць у Міністэрстве аховы здароўя Галоўны лекар Мінскага абласнога радзільнага дома кажа, што ў раддома перагрузкі, але прычын не называе. Сярод цяжарных жанчын ходзяць чуткі, што так заўжды здараецца "на поўню".

Вольга, слухачка Еўрарадыё, кажа, што медыкі абласнога раддому дзень таму маглі толькі агледзець цяжарную жанчыну. Але пакласці яе ў шпіталь хаця б на кароткі час у іх не было магчымасці.

Вольга: “Хуткая дапамога” забрала мяне з дыягназам “пагроза выкідышу” і завезла ў абласную бальніцу. Доктар мяне паглядзела там, так, сапраўды, пагроза выкідышу. Сказала, што нельга хадзіць. І сказала, што яны не могуць мяне пакласці, бо няма месцаў. І нават на калідоры няма месцаў. Таму, кажа, едзьце да сябе ў раён (а я прапісаная ў Смалявічах). Мяне туды прывезлі таксама на “хуткай дапамозе” і кінулі”.

Па словах Вольгі, медыкі былі вымушаныя адмовіць нават жанчыне, у якой здарыўся крывацёк.

Вольга: “Пакуль я была ў доктара, ёй тэлефанавалі, я чула, з “хуткай дапамогі”,  таксама хацелі прывезці. Там у жанчыны быў крывацёк. Яна адказала, што не трэба ім везці, у іх няма, куды класці людзей, нават з крывацёкамі”.

“Хуткая дапамога” завезла Вольгу ў іншую бальніцу і з’ехала. Але Вользе нельга было хадзіць, і далей ужо дзяўчына перабіралася з дапамогай сяброў, у якіх была машына.

Вольга: “Я згубіла цэлы дзень. Невядома, што магло здарыцца. Дзякуй Богу, што нічога не здарылася”.

Вольга распавяла нам, што ў раддоме ходзяць дзіўныя чуткі: на поўню рэзка павялічваецца колькасць парадзіх і тых, каму трэба дапамога. Але гэта толькі чуткі, якія ўсё ж не тлумачаць, чаму цяжарным жанчынам не хапае месцаў.

Каментаваць гэтую сітуацыю ў Мінскім абласным раддоме адмаўляюцца. Галоўны лекар Пётр Масько кажа даволі агульныя словы пра тое, што так, у раддоме сапраўды ажыятаж. Але, маўляў, з кожным выпадкам трэба разбірацца асобна.

Пётр Масько: “Некаторы час таму мы былі зачыненыя на планавую дэзінфекцыю і касметычны рамонт. Ну, а зараз… сапраўды, вельмі вялікая колькасць зваротаў, шпіталізацый і г.д. Раддом працуе з вялікай нагрузкай, канешне”.

За больш дакладным каментаром Еўрарадыё звярнулася ў Міністэрства аховы здароўя, у аддзел медыцынскай дапамогі маці і дзецям. Аднак і там нам не далі вычарпальнага адказу.

“І ўвогуле выкідыш — гэта не паказанне ляжаць менавіта там, можна ляжаць і ў Смалявічах”.

На шчасце, некалькі гадзін, якія згубіла Вольга з-за недахопу месцаў у раддоме, не паўплывалі на яе фізічны стан.

фота — birthday-chic.com.ua