У мінскім цэнтры фрыстайла за 4 месяцы працы рассыпаюцца трампліны (відэа)

Супрацоўнікі мінскага цэнтра фрыстайла звярнуліся да журналістаў партала tut.by, каб паведаміць пра свае праблемы. Нагадаем, што цэнтр будаваўся сем гадоў і перайшоў у працоўны рэжым сёлета 4 красавіка. На пабудову цэнтра, абвешчанага ўнікальным, пайшло 50 мільёнаў долараў з бюджэту.

Але супрацоўнікі скардзяцца, што пасля няпоўных чатырох месяцаў працы ў цэнтры сталі псавацца трампліны. З трох трамплінаў можна трэніравацца толькі на адным — сальтавым. Але ён прызначаны для 13-14-гадовых падлеткаў, а не для дарослых спартоўцаў.

Па словах супрацоўнікаў цэнтра, пакрыццё на двух асноўных трамплінах прыйшло ў непрыдатнасць: на ім з'явіліся бургы і ўздуцці. Калі фрыстайліст падчас разгону набірае хуткасць каля 60-70 км у гадзіну, то ад уздуцця на пакрыцці ён можа проста ўрэзацца ў сценку. Цяпер пакрыццё стала разбурацца. Але за рамонт трамплінаў ніхто не ўзяўся.

Супрацоўнікі цэнтра кажуць, што пры гэтым беларускім фрыстайлістам не дазваляюць трэніравацца за мяжой, бо ёсць жа свой унікальны цэнтр.

У Міністэрстве спорту і турызму журналістам tut.by сказалі, што ведаюць аб праблеме з трамплінамі і пачнуць рамонт, як толькі атрымаюць высновы экспертаў. Мяркуецца, што рамонт будзе завершаны ў жніўні.

Фота: tut.by