У Мінску абмяркоўваюць удзел грамадзянскай супольнасці ў ініцыятыве ЕС

Канферэнцыя на тэму "Удзел грамадзянскай супольнасці Беларусі ў ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства" праходзіць у Мінску 22 красавіка.   У сваім выступе на канферэнцыі часовы павераны ў справах Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель падкрэсліў, што "Усходняе партнёрства" не з'яўляецца "антырасійскім утварэннем" або "замаскіраванай палітыкай ЕС, скіраванай на ўключэнне краін-партнёраў у ЕС". Паводле яго слоў, "Усходняе партнёрства" скіравана на ўдасканаленне ўзаемадзеяння краін-удзельніц і ЕС у сферах бяспекі, абароны, эканомікі і іншых.

"Усходняе партнёрства" надае асаблівую ўвагу ўдзелу ў ім грамадзянскай супольнасці для кантролю за дзяржаўнай уладай і ўзмацнення даверу грамадства да органаў дзяржаўнага кіравання. Таму Еўракамісія выступіла з ініцыятывай стварэння форуму грамадзянскай супольнасці ў межах "Усходняга партнёрства", — сказаў Хольцапфель.

Па выніках працы канферэнцыі плануецца прыняць рэзалюцыю аб дзеяннях беларускай грамадзянскай супольнасці ў межах "Усходняга партнёрства". Арганізатары разлічвалі, што на канферэнцыі выступіць прадстаўнік МЗС Беларусі, аднак ніхто з супрацоўнікаў міністэрства на сустрэчу не з'явіўся, паведамляе БелаПАН.