У Мінску адбылося ўзгаранне на станцыі метро “Плошча Леніна”

У Мінску раніцай 16 кастрычніка адбылося ўзгаранне на станцыі метро “Плошча Леніна”. Станцыя была тэрмінова закрытая, а людзей, якія там знаходзіліся, эвакуіравалі. Як паведаміў “Еўрарадыё” прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі, здарэнне было “не вельмі сур’ёзным”:

“Там было задымленне дзвярной каробкі ў пакоі захоўвання дзвярэй (уваходныя дзверы ў метро - ЕРБ). Да прыбыцця нашых падраздзяленняў дзяжурныя міліцыянты яго ліквідавалі. А людзей выводзілі са станцыі па інструкцыі”.

Паводле словаў Віталя Навіцкага, рух цягнікоў у гэты час (каля 12 гадзінаў раніцы) на лініі метро не спыняўся.