У Мінску адбыўся палітычны перформанс, адным з герояў якога быў лорд Бэл

Палітычны перформанс адбыўся ўчора вечарам у Мінску. Яго арганізавалі актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Яны выказвалі пратэст супраць дзеянняў англійскага піяршчыка лорда Цімаці Бэла, які заключыў кантракт з беларускімі ўладамі аб паляпшэнні іміджа афіцыйнага Мінску. Цяпер у нашай краіне знаходзіцца група журналістаў заходніх СМІ, якія прыехалі на яго запрашэнне. Перформанс прайшоў на перакрыжаванні вуліцы Жылуновіча і Партызанскага праспекта. Адзін з актывістаў з прыклеянымі вусамі, апрануты ў чырвона-зялёную хакейную майку з надпісам "Дыктатура", гуляў вядомага персанажа. Іншы ўдзельнік акцыі - у белым цыліндры - быў "лордам Бэлам". Белай фарбай ён замалёўваў на майцы першага персанажу "крамольнае" слова.

Неўзабаве 7 удзельнікаў перформансу былі затрыманыя міліцыяй. У пастарунку іх пратрымалі тры гадзіны, а пасля адпусцілі без складання пратаколаў. Як паведамляе "Хартыя-97", адзін з міліцыянтаў ударыў Максіма Сергійца кулаком у грудзі.