У Мінску асудзілі паплечніка Паўлічэнкі і Сівакова

Маскоўскі суд Мінску вынес прысуд па гучнай крымінальнай справе: былі асуджаныя 6 чалавек. На незаконных фінансавых аперацыях яны зарабілі больш за 150 мільёнаў долараў. Пры затрыманні ўдзельнікаў злачыннай групы ў іх канфіскавалі толькі наяўнымі больш за 270 тысяч долараў, дзясяткі камп'ютараў і ноўтбукаў, на разліковых рахунках падстаўных фірмаў арыштавана каля 700 тысяч долараў.
 
Як даведалася следства, кіраўніком злачыннай групы быў Андрэй Шырэй. Ён і яго падзельнікі арганізавалі больш за 20 падстаўных фірмаў. Праз гэтыя кампаніі ажыццяўляўся абмен безнаяўных беларускіх рублёў на наяўныя долары.
 
Дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Кунаш паведаміў, што Шырэй, меў не адну судзімасць, у тым ліку і за ілжэпрадпрымальніцкую дзейнасць. Судзімасць не была пагашаная, але пры гэтым ён займаў пасаду камерцыйнага дырэктара асацыяцыі "Гонар".
 
"Беларускі партызан" нагадвае, што асацыяцыяй "Гонар" кіравалі экс-міністр унутраных справаў Юры Сівакоў і палкоўнік Дзмітры Паўлічэнка.