У Мінску Дзед Мароз са Снягуркай каштуюць ад 50 тыс. да 200 тысяч рублёў

Мінчукам, якія хочуць сустрэць Новы год у кампаніі Дзеда Мароза і Снягуркі, варта паклапаціцца пра гэта як найхутчэй, адзначае БЕЛТА. Навагоднія персанажы будуць прыходзіць у кватэры і офісы ужо з 25 снежня. Сталічныя службы быту прымаюць запыты ад гараджан да 22 снежня. Дзядоў Марозаў і Снягурак для ўручэння падарункаў дзецям падрыхтавалі шэсць сталічных арганізацый.

Тарыф на візіт "дзяржаўнага" Дзеда Мароза са Снягуркай фіксаваны — 50 тыс. рублёў (без падарунку) у перыяд з 25 снежня па 7 студзеня. Працягласць візіта на аплату не ўплывае.

Кошт паслуг "прыватных" Дзядоў Марозаў залежыць ад даты, працягласці праграмы і ўзрастае па меры набліжэння да Новага года — ад 50 тыс. да 190 тыс. рублёў.