У Мінску легкавік пратараніў "хуткую" з цяжкім хворым

На праспекце Дзяржынскага ў Мінску легкавік сутыкнуўся з машынай “хуткай дапамогі”, якая везла цяжкага хворага. Гэта адбылося 7 красавіка ў 8:30 раніцы, паведаміў Еўрарадыё інспектар ДПС Маскоўскага РАЎС Аляксандр Трупін. Аляксандр Трупін: “Хуткая дапамога” рухалася па праспекце Дзяржынскага ў накірунку вуліцы Шчорса з уключанымі маячкамі сіняга колеру і гукавой сігналізацыяй.

На скрыжаванні з вуліцай Хмялеўскага для “хуткай" загарэўся чырвоны сігнал святлафора. Кіроўца знізіў хуткасць і пачаў праязджаць перакрыжаванне. Але аўтамашына "Рэно" выязджала з вуліцы Хмялеўскага не саступіла дарогі, у выніку чаго ў цэнтры перакрыжавання адбылося ДТЗ”.


Падчас здарэння ніхто не пацярпеў. Праўда, “хуткая” везла ў 4 гарадскую бальніцу цяжка хворага. У выніку ДТЗ яму давялося чакаць, пакуль іншая машына даставіць яго ў шпіталь.

Як патлумачыў інспектар ДПС, пакараныя будуць кіроўцы абодвух машын. І найперш кіроўца “хуткай”.

Аляксандр Трупін: “На яго склалі пратакол за парушэнне ПДР, якое пацягнула за сабой транспартнае здарэнне. Бо ён мусіў прымаць меры перасцярогі”.

Ён будзе аштрафаваны на 35 тысяч рублёў. Кіроўцу "Рэно" пагражае альбо штраф у памеры ад 2 да 10 базавых велічынь альбо пазбаўленне правоў. За тое, што не прапусціў “хуткую”.