У Мінску міліцыянер абараняўся ад хулігана-каратыста і адкрыў агонь
Хуліган быў паранены, яго шпіталізавалі. У бальніцу трапіў і міліцыянер.
У Мінску міліцыянер абараняўся ад хулігана і вымушаны быў адкрыць агонь з табельнай зброі. Як інфармуе БелаПАН, здарэнне адбылося ў ноч на 4 студзеня. Жыхары аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне паведамілі ў міліцыю, што нецвярозая кампанія б'е шкло ў пад'ездзе. На месца выехаў нарад міліцыі. Падчас затрымання дваіх нецвярозых мужчын, адзін са зламыснікаў напаў на міліцыянера.
Праваахоўнік быў вымушаны, пасля папераджальнага выстралу, адкрыць агонь на паражэнне. Хуліган быў паранены, яго шпіталізавалі. Падчас барацьбы атрымаў траўмы і міліцыянер, ён таксама трапіў у бальніцу.
Распачатая крымінальная справа па артыкуле "супраціўленне работніку органаў унутраных спраў". Падазроны — 20-гадовы мінчук, раней судзімы за рабаванне з ужываннем гвалту і злоснае хуліганства, які валодае навыкамі розных адзінаборстваў.
Фота: ria.ru