У Мінску на заробак ў 1 мільён 200 тысяч не могуць знайсці людзей

А ў Оршы такія малыя заробкі, што нават на высокія пасады жадаючых уладкавацца не знаходзіцца. Сёння ў Мінску 3700 афіцыйна зарэгістраваных у Цэнтрах занятасці беспрацоўных могуць выбіраць сабе працу з амаль 25 тысяч вакантных працоўных месцаў. Але, як паведаміў Еўрарадыё начальнік упраўлення занятасці насельніцтва пры Мінгарвыканкаме Чэслаў Роўба, большасць вакансій з малым заробкам.

Чэслаў Роўба: “Вакансіі, якія нам прадстаўляюць, часцей за ўсё маюць нізкую аплату працы. І людзі шукаюць сабе аплату працы нашмат вышэй. Большасць вакансій тычыцца сферы абслугоўвання, камунальнай гаспадаркі, бюджэтных арганізацый, дзе аплата працы не перавышае 300-400-500 тысяч рублёў. Безумоўна, гэта недастаткова для гараджаніна”.

Але хапае і высокааплатных вакансій. У асноўным – будаўнічых спецыяльнасцяў. Каб іх запоўніць, нават мінчукаў не хопіць. Таму робяць стаўку на гастарбайтэраў з рэгіёнаў.

Чэслаў Роўба: “У будаўнічай сферы ў нас шмат вакансій, але з улікам павелічэння аплаты працы мы маем магчымасць прыцягнуць іншагародніх у Мінск. І выезд працоўных за межы краіны павінен зменшыцца. Дзесьці 1 мільён 100 – 200 тысяч у будаўніцтве заробкі. А з 1 студзеня адмянілі ўсе абмежаванні на прыём на працу ў Мінск. Таму ўсе іншагароднія могуць уладкавацца на агульных падставах. Праўда, ёсць пытанне жылля, але шэраг прадпрыемстваў, якія маюць інтэрнаты, могуць імі забяспечыць кваліфікаваных спецыялістаў. Альбо яны могуць супрацоўнікам зняць жыллё ці выкарыстоўваць прыгарад і аплачваць праезд”.

Праца на будоўлі фізічна цяжкая і таму, за выключэннем некаторых прафесій, ідуць туды мужчыны. Атрымліваецца, што жанчынам, якіх сярод беспрацоўных Мінска большая палова, застаецца толькі нізкааплатная праца. Але, як стала вядома Еўрарадыё, не толькі на працу з нізкім заробкам альбо фізічна цяжкую не могуць у сталіцы знайсці кандыдатаў. І ў начальнікі ісці людзі не хочуць.

Чэслаў Роўба: “У нашай базе ёсць вакансіі з добрай аплатай працы на такія пасады, як галоўны інжынер, галоўны энергетык, начальнік планава-эканамічнага аддзела”…

Некалькі месяцаў таму Еўрарадыё паведамляла пра тое, што сярод беспрацоўных Мінска шмат бухгалтараў і эканамістаў. Зараз, па словах Чэслава Роўбы, на бухгалтараў попыт. І заробак нядрэнны – каля 1,5 мільёна рублёў.

У Маладзечна, ад якога да сталіцы 70 кіламетраў альбо 2 гадзіны на электрычцы, беспрацоўных стаіць на ўліку 554 чалавекі. А вакансій прапаноўваецца 666. У большасці – разлічаныя на мужчын. Праўда, як сказала начальнік аддзела праблем занятасці насельніцтва Маладзечанскага райвыканкама Таццяна Мучынская, таксама з нізкім заробкам.

Таццяна Мучынская: “На ўліку ў нас стаіць 336 жанчын, альбо 60% усіх беспрацоўных. А вакансіі, якія прапаноўваюць, у асноўным для мужчын. – зваршчыкі, электраманцёры, электрыкі, тынкоўшчыкі, трактарысты, станочнікі дрэваапрацоўкі, слесары-рамонтнікі. Заробак прапаноўваюць 500-600-700 тысяч, гледзячы, якія з названых спецыяльнасцяў, – у гандлі ніжэй, на будоўлі заробак вышэй. Там тысяч 700-800. Нармальны заробак рэдка на якіх прадпрыемствах горада: Лакаматыўнае дэпо, ЗМК, але ў асноўным нізкі заробак”.

Што зрабіць, каб людзі не выязджалі працаўладкоўвацца ў сталіцу, у Маладзечна не ведаюць.

У Оршы, па словах галоўнага спецыяліста Цэнтра занятасці Аршанскага гарвыканкама Надзеі Казловай, сітуацыя з колькасцю вакансій і беспрацоўных адваротная, чым у Мінску і Маладзечна – на 1600 беспрацоўных прыпадае толькі 862 прапановы працы. Таксама ў асноўным для мужчын. Гэта пры тым, што амаль 70% беспрацоўных – жанчыны.

Надзея Казлова: “Патрабуюцца машынабудаўнічыя спецыяльнасці, токары і ўсё, звязанае з будоўляй – муляры, электразваршчыкі, муляры… А на заводы машынабудаўнічага профілю патрэбныя токары, фрэзіроўшчыкі, слесары. Для жанчын толькі швачкі, прадаўцы”.

Супрацоўніца Цэнтра занятасці паскардзілася Еўрарадыё, што ў іх горадзе вельмі нізкія заробкі ў параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі. Сярэдні заробак у Оршы – каля 600 тысяч. Для параўнання – у Маладзечна каля 900 тысяч. Гэта сярэдні. А прадаўцы і швачкі зарабляюць 250-350 тысяч. Нават на пасады 2 бухгалтараў жадаючых знайсці не могуць – ім прапануюць 300 тысяч заробку. Не хапае спецыялістаў на кіруючыя пасады.

Надзея Казлова: “Патрабуюцца галоўныя бухгалтары, галоўныя энергетыкі, галоўны механік. Бухгалтараў сёння таксама некалькі вакансій, не можам закрыць з-за заробку. У нас у Оршы ўвогуле вельмі невялікія заробкі ў параўнанні з іншымі гарадамі Беларусі. А з Мінскам і ўвогуле не параўнальныя”.

Зараз Орша рыхтуецца прыняць рэспубліканскія Дажынкі. Патрэба ў будаўніках вялікая, і шмат мужчын, кажа суразмоўца Еўрарадыё, пайшлі працаваць на будоўлю. Пакуль заробак іх задавальняе. Але Дажынкі скончацца, і шмат хто звернецца па дапамогу ў пошуках працы. Таму ў Оршы, у адрозненні ад Маладзечна, шкадуюць, што іх горад знаходзіцца далёка ад Мінска – дапамаглі б сталіцы запоўніць працоўныя вакансіі.