У Мінску прайшла прэзентацыя зборніка, прысвечанага "справе філаматаў"

У Мінску прэзентаваная кніга "Вільня 1823-1824: Скрыжаванні памяці", прысвечаная справе "філаматаў". Імпрэза адбылася ў доме-музеі Ваньковічаў.  Упершыню ў Беларусі апублікаваныя мемуары вядомага польскага гісторыка Іяхіма Лялевеля  "Навасільцаў у Вільні" і ўспаміны Івана Лабойкі "Мае ўспаміны". Прычым успаміны Лабойкі выдаюцца ўвогуле ўпершыню.

Прэзентацыя пачалася з невялікага музычнага ўступу. Зміцер Вайцюшкевіч сыграў некалькі песень (апошняя — "Паланэз Агінскага" на словы Сокалава-Воюша), каб стварыць адпаведную атмасферу, атмасферу тагачаснай Вільні.

У сваім выступе вядомы навуковец Адам Мальдзіс адзначыў вялікую значнасць праекту. Па ягоных словах, цяпер кожны ахвочы зможа пазнаёміцца з дакументамі, раней даступнымі толькі вузкаму колу навукоўцаў.

Марына Лапета, Еўрарадыё