У Мінску сустракаюцца дэлегацыі ўрадаў краін ЕўрАзЭС і Мытнага саюза

47-е паседжанне Інтэграцыйнага камітэта Еўразійскай эканамічнай супольнасці і 10-е паседжанне камісіі Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі праходзяць 26 лістапада ў Мінску. Беларускую дэлегацыю на іх узначальвае віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў. У парадку дня сустрэчы дэлегацый урадаў краін ЕўрАзЭС — Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Ўзбекістана — 17 пытанняў, адзначае БелаПАН.

Плануецца, у прыватнасці, абмеркаваць тэму фармавання Мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы ў рамках ЕўрАзЭС, а таксама праекты наступных дакументаў: пратаколу аб завяршэнні фармавання зоны вольнага гандлю ЕўрАзЭС; дамовы аб супрацоўніцтве дзяржаваў — чальцоў Супольнасці ў галіне адукацыі; канцэпцыі стварэння міждзяржаўнага банка звестак аб работніках-мігрантах — грамадзянах дзяржаваў — чальцоў ЕўрАзЭС.

Акрамя таго, удзельнікі паседжання плануюць абмеркаваць тэму супрацоўніцтва ў сферы транспарту, бюджэтна-фінансавыя пытанні, а таксама пытанні, датычныя дзейнасці галіновых органаў ЕўрАзЭС.

У парадак дня паседжання камісіі Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі ўключаныя 11 пытанняў. Бакі паінфармуюць адзін аднаго аб правядзенні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў дзеянне дакументаў, якія фармуюць дамоўна-прававую базу Мытнага саюза.

Акрамя таго, плануецца абмеркаваць шэраг пытанняў аб рэгуляванні вонкавага гандлю ў сувязі з планаваным пачаткам функцыянавання Мытнага саюза трох краін: вядзенне статыстыкі, адзіную сістэму забаронаў і абмежаванняў, паэтапную адмену абмежавальных мер эканамічнага характару ва ўзаемным гандлі.

Сённяшнія мерапрыемствы праходзяць напярэдадні сустрэч кіраўнікоў дзяржаваў краін ЕўрАзЭС і Мытнага саюза, якія адбудуцца ў Мінску 27 лістапада.