У Мінску сёння пачынаецца рэтраспектыва фільмаў Мілаша Формана

Сёння ў сталічным кінатэатры "Ракета" ў межах рэтраспектывы "Легенды Еўропы. Ад Прагі да Нью-Ёрка" пачынаецца паказ фільмаў чэшскага рэжысёра Мілаша Формана.
Як паведамілі ў кінатэатры, рэтраспектыву распачне карціна "Палёт над гняздом зязюлі" - экранізацыя рамана Кена Кізі і аднайменнай п'есы Дэйла Уасермэна. Галоўную ролю выканаў Джэк Нікалсан.

Фільм удастоены пяці самых прэстыжных "Оскараў": за найлепшую карціну, найлепшую мужчынскую ролю, найлепшую жаночую ролю, найлепшую рэжысуру і найлепшы сцэнар.

21 траўня будзе паказаны фільм "Рэгтайм" - аб лёсах людзей у Нью-Ёрку на пачатку XX стагоддзя.

Карціна пра Моцарта і Сальеры "Амадэй" будзе паказана 28 траўня. Гэты фільм удастоены сямі "Оскараў", уключаючы ўзнагароды за найлепшыя карціну, рэжысуру, сцэнар і дэкарацыі, а таксама прэміі "Сезар" за найлепшы замежны фільм.