У Мінску ў оперы часова не будуць граць “Севільскага цырульніка”

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета ёсць праблемы з бягучым рэпертуарам, паведамляе агенцтва Мінск-Навіны. Гэта прызнаў генеральны дырэктар тэатра Ўладзімір Грыдзюшка. Праблемы паўсталі з прычыны таго, што некаторыя пастаноўкі не адпавядаюць умовам новай тэатральнай сцэны. У іх трэба шмат што дапрацаваць: напрыклад, пашыць артыстам новыя касцюмы і пабудаваць новыя дэкарацыі. Распрацаваны перспектыўны план перапрацоўкі і абнаўлення рэпертуару, разлічаны на пяць год. Так, сёлета плануюць часова выключыць з яго оперу “Яўген Анегін” і цягам сезону паставіць новы спектакль. Той жа ж лёс чакае яшчэ адзін оперны шлягер — “Севільскага цырульніка”. Абновяць і шэраг іншых пастановак. Абяцаюць, што зробяць усё вельмі хутка.