У Мінску ўпершыню пройдзе конкурс па чэрлідынгу

Упершыню ў беларускай сталіцы ладзіцца конкурс па чэрлідынгу. Мінскі гарадскі камітэт БРСМ запланаваў яго на верасень. Чэрлідынг — гэта групы падтрымкі спартовых каманд. Іх прыдумалі прыхільнікі амерыканскага футболу, якія крычалі воклічы ў падтрымку ўлюбёнай каманды, тупалі нагамі, пляскалі ў ладкі. Гэты "від спорту" злучае ў сабе акрабатыку, гімнастыку, танцавальныя элементы і абавязкова артыстычнае майстэрства.

У заходніх краінах чэрлідынг ужо даўно стаў адным з самых папулярных сярод моладзі відаў спорту. У 2001 годзе была заснаваная Міжнародная федэрацыя чэрлідынгу, у яе ўваходзяць больш за 30 краін. За гэты час адбыліся сем чэмпіянатаў Еўропы.

У Мінску ўжо існуе больш за 50 каманд па чэрлідынгу. Групы падтрымкі ёсць амаль у кожнай ВНУ і ў некаторых школах. Выступаюць яны на ўсіх моладзевых спаборніцтвах. Найлепшымі сярод сталічных чэрлідэраў на нядаўняй міжвузаўскай спартакіядзе былі прызнаныя студэнткі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

"Мінск-навіны"