У Мінску з выбарчага ўчастку за скаргу выдалілі назіральніка

Пра апошнія зафіксаваныя парушэнні падчас выбараў у мясцовыя саветы расказаў Еўрарадыё праваабаронца Валянцін Стэфановіч: “Толькі што выдалілі нашага назіральніка з участку, пасля таго, як ён напісаў некалькі скаргаў на імя старшыні камісіі. Адна з іх была пра тое, што ў кабінках для галасавання па Чыгуначнай акрузе №20 былі бюлетэні як узор для галасавання. Але прозвішча кандыдата, насупраць якога стаяла птушка, супадала з прозвішчам рэальнага кандыдата з адрозненнем у адну літару, што мы расцэньваем як недазволеную агітацыю”.

Пакуль самыя распаўсюджаныя парушэнні вызначыць цяжка, кажа Валянцін Стэфановіч. Асноўныя парушэнні наперадзе, лічыць ён:

“Тым больш як мы сёння высветлілі, шмат якія старшыні не будуць агалошваць вынікі раздзельнага падліку галасоў. А будуць агалошваць толькі агульны вынік. Мы званілі ў ЦВК, дзе нам пацвердзілі пазіцыю камісіі пра тое, што павінны агалошвацца вынікі раздзельнага падліку галасоў – асобна датэрміновае галасаванне, галасаванне па месцах знаходжання выбаршчыкаў, і потым асноўную скрыню. Але я баюся, што гэтага не будзе. І нашы назіральнікі не даведаюцца, якія былі вынікі па кожным з гэтых відаў галасавання”.