У Мінску затрымалі ажно 15 тысяч фальшывых долараў
У Мінску затрымалі двух мужчынаў, якія мелі ажно 15 тысяч фальшывых долараў. Яны перавозілі гэтыя грошы ў машыне. Адзін з мужчынаў жыхар сталіцы, другі з Гродна. На іх завялі крымінальную справу за выраб, захоўванне альбо збыт фальшывых грошай. Выяўлена, што сёлета ўвосень яны збылі на тэрыторыі краіны сем падробленых 100-доларавых купюраў, паведамляе агенцтва “Мінск-Навіны”. Цяпер міліцыя шукае саўдзельнікаў затрыманых, а таксама канал паступлення фальшывай валюты. Праваахоўнікі таксама звяртаюцца да грамадзянаў з просьбай ажыццяўляць усе валютныя аперацыі толькі ў банкаўскіх установах, не набываць валюту з рук і не ўдзельнічаць у сумнеўных аперацыях.