У Мінску затрымалі кіраўніка "Маладой Беларусі" Артура Фінькевіча

Лідэр аргкамітэта па стварэнню руху "Маладая Беларусь" 24-гадовы Артур Фінькевіч быў затрыманы ў Мінску вечарам 20 сакавіка. Яго абвінавацілі ў "дробным хуліганстве" і адправілі ў ізалятар на Акрэсціна, дзе актывіст будзе чакаць суда.
Як паведамляе БелаПАН, на выхадзе з кавярні на праспекце Незалежнасці Фінькевіча акружылі чацвёра мужчынаў у цывільным. Адзін з іх заявіў, што Артур наступіў яму на нагу. Адразу ж з'явілася група міліцыянтаў, якая і затрымала апазіцыянера.

Яшчэ адзін актывіст "Маладой Беларусі" Цімафей Дранчук звязвае затрыманне Артура Фінькевіча з падрыхтоўкай да акцыі 25 сакавіка. Чакаецца, што адміністрацыйную справу актывіста ў панядзелак разгледзіць суд Савецкага раёна Мінску.