У Мінску злавілі 10-гадовага “ведзьмака”, які здымаў сурокі
У Мінску міліцыя злавіла 10-гадовага хлопчыка з вёскі ў Барысаўскім раёне, паведамляе “Народная газета”. Хлопец сам прыехаў у сталіцу і вырашыў падзарабіць. Ён прапанаваў 35-гадовай жанчыне, якую сустрэў у пераходзе на станцыі метро “Пушкінская”, паваражыць па руцэ. Сказаў жанчыне, што яе нехта сурочыў і прапанаваў зняць негатыў. У якасці перадаплаты папрасіў залаты пярсцёнак і некалькі купюр. Сустрэчу для сеансу зняцця сурокаў хлопчык прызначыў на наступны дзень. Ачомалася жанчына праз колькі хвілінаў. Яна паспела звярнуцца да міліцыянтаў і тыя затрымалі малалетняга “ведзьмака”. Сума шкоды ацэньваецца ў 200 тысяч рублёў.