У Мінску злавілі афганца, які прадаваў долары па 17 тысяч
У яго знайшлі 6 тысяч долараў.
У Партызанскім раёне Мінска праваахоўнікі і падаткавікі затрымалі мужчыну ў момант абмену замежнай валюты па завышаным курсе — 17000 рублёў. "Кантрольная закупка" адбылася на паркоўцы аднаго з сталічных гандлёвых цэнтраў на праспекце Пераможцаў. Валюту (6 тысяч долараў) спрабаваў абмяняць грамадзянін Афганістана, які ў нашай краіне прызнаны ўцекачом.
Як адзначае прэс-служба мінскай міліцыі, мужчыне пагражае штраф — да 100 базавых велічынь (да 18 млн рублёў).
Былі зафіксаваныя і іншыя выпадкі затрымання "валютчыкаў". У Мінску ў Фрунзенскім раёне праваахоўнікі затрымалі 46-гадовага жыхара сталіцы, які праводзіў незаконную валютную аперацыю. У яго забралі 585 тысяч рублёў і 1800 долараў. Складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Адзначаецца, што затрыманы нідзе не працуе.
У Віцебску на чыгуначным вакзале міліцыянеры з той жа прычыны затрымалі дваіх мясцовых жыхароў: 21-гадовага рабочага і 23-гадовага беспрацоўнага. У іх знайшлі больш за 19 мільёнаў беларускіх рублёў, амаль 31 тысячу расійскіх рублёў і 300 долараў, інфармуе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.
Фота: guvd.gov.by