У Нідэрландах ушануюць “зніклых, але не забытых” беларусаў

У нідэрландскім горадзе Эйндховене рыхтуецца цырымонія ўшанавання памяці зніклых беларусаў і ўрачыстае адкрыццё фотавыставы “Зніклыя, але не забытыя”, паведамляе Радыё Свабода. У адзінаццатую гадавіну гвалтоўнага знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў царкве св. Кацярыны ў Эйндховене а 15.30 прадстаўнік мэрыі Стаф Дэпла адкрые фотавыставу, прысвечаную барацьбе за праўдзівую інфармацыю аб знікненнях у Беларусі. Выстава працягнецца да 30 верасня.

Два гады таму, 16 верасня 2008 года, пры ўдзеле муніцыпальных уладаў Эйндховена, былі пасаджаныя чатыры дубкі. Такім чынам ушанавалі памяць гвалтоўна аб зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Змітра Завадскага.
Сёлета цырымонію распачне актывістка кампаніі “Мы памятаем” Валерыя Красоўская, дачка Анатоля Красоўскага.

Свой новы твор прачытае паэт Лео Мессман, чый верш выгравіраваны на  шыльдзе каля памятных дрэваў. Таксама ўдзельнікі цырымоніі ўшануюць хвілінай маўчаньня памяць журналіста Алега Бябеніна.