У Нігерыі скрадзеная грамадзянка Беларусі

У Нігерыі баявікі скралі 47-гадовую грамадзянку Беларусі. Здарэнне адбылося вечарам 5 траўня ў нігерыйскім порце Порт-Харкорт. Вядома, што беларуску завуць Ірына, яна маці чатырох дзяцей. Яе муж - нігерыец, мае прозвішча Экпа-Ума. 6 траўня факт знаходжання грамадзянкі Беларусі ў закладніках афіцыйна пацвердзіла Міністэрства замежных справаў нашай краіны.
Паводле звестак нігерыйскіх праваахоўных органаў, баявікі захапілі жанчыну каля яе дома, які месціцца побач з Presidential Hotel. РИА «Новости» паведамляе, што невядомыя схапілі жанчыну на нафтавым промысле.

Беларуска працавала ў брытанскай сервіснай кампаніі Compass Group, якая займаецца пастаўкамі прадуктаў у школы, бальніцы, установы ды мае свае прадстаўніцтвы ў шматлікіх краінах свету. Пра гэта інфармуе РИА «Новости».

Аднак «Інтэрфакс» называе Ірыну Экпа-Ума супрацоўніцай «адной з мясцовых кампаній, якая займаецца нафтавым бізнесам». А Газета.Ру дадае, што яна займае там уплывовую пасаду.

Спачатку паведамлялася, што жанчына з’яўляецца грамадзянкай Расіі, аднак гэтая інфармацыя не пацвердзілася. Дарадчык амбасады Расіі ў Нігерыі Віктар Ганчароў паведаміў, што скрадзеная з’яўляецца грамадзянкай Беларусі.

Паводле яго словаў, Ірына Экпа-Ума прыехала ў Нігерыю з Вялікабрытаніі, таму знаходзілася на консульскім уліку гэтай краіны. Дарэчы, менавіта ангельская амбасада ў Лагасе першай даведалася пра выкраданне беларускі. Невядомы сведка здарэння паведаміў пра гэта па тэлефоне.

Беларусь не мае свайго дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Нігерыі. Таму беларускае МЗС кантактуе ў справе вызвалення беларускі з расійскай амбасадай у Лагасе. Паліцыя Нігерыі зараз спрабуе высветліць патрабаванні выкрадальнікаў беларускай грамадзянкі, паведамляе БЕЛТА.

Адзначым, што баявікі вядуць узброеную барацьбу супраць ураду Нігерыі за большую аўтаномію для багатага рэгіёна дэльты ракі Нігер і за падзел прыбыткаў ад нафтаздабычы. Апошнім часам яны актывізавалі напады на аб'екты нафтавай прамысловасці, дзе гаспадараць пераважна заходнія кампаніі.

Агульная колькасць скрадзеных у Нігерыі замежнікаў на працягу пяці дзён дасягнула 28 чалавек. Восем з іх былі адпушчаныя. Амаль заўсёды праз некаторы час закладнікі выходзяць на волю жывымі і здаровымі. Аднак былі і выпадкі, калі яны гінулі падчас правядзення нігерыйскімі вайскоўцамі аперацый па іх вызваленню.


Фота — us.news2.yimg.com