У Нью-Ёрку адбыліся акцыі, прысвечаныя Дню Волі

Шэраг святочных акцый, прысвечаных 91-м угодкам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, адбыліся ў Нью-Ёрку 22 сакавіка. Перад будынкам штаб-кватэры ААН з удзелам маладых беларусаў з Нью-Ёрка, Нью-Джэрсі і Вашынгтона прайшоў мітынг пад лозунгамі абароны незалежнасці краіны. Удзельнікі дэманстрацыі выканалі гімн "Магутны Божа". Потым быў зачытаны зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да беларускага народа.

У гэты ж час у кафедральным саборы святога Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Брукліне прайшло святочнае богаслужэнне.

У Беларускім музеі ў Нью-Ёрку адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы "Мастацтва супраць дыктатуры", якая раней дэманстравалася ў эстонскім парламенце і штаб-кватэры German Marshall Fund у Вашынгтоне. На ёй прадстаўленыя працы беларускіх мастакоў Алеся Марачкіна, Міколы Купавы, Рыгора Батальёнка, Генадзя Драздова, Юрыя Платонава, Янкі Раманавіча, Юліі Шатэрнік, Алены Тылькінай.

БелаПАН