У пахаваных Чарнобылем вёсках дагэтуль жывуць людзі (фота)
Карэспандэнт Еўрарадыё разам з прадстаўнікамі Партыі БНФ трапіў у забруджаную зону, якая знаходзіцца ўсяго ў ста кіламетрах ад Магілёва.



Толькі ў Чэрыкаўскім раёне пахавалі 25 вёсак. Першую, Нова-Малінаўку, адсялілі ў 1991 годзе, апошнюю — Камаровічы — у 2002. Перасяліцца былі вымушаныя тысячы людзей.
Па дарозе на Касцюковічы карэспандэнт Еўрарадыё заўважыў адзіную хатку, дзе жывуць бабуля з дзедам! Людзі — тут? Здзіўленню не было межаў, журналісты пабеглі фатаграфаваць бабулю, як нейкую вядомую асобу. У 80-гадовай Веры Пятроўны Гнедавай ў горадзе жыве сын, а яна і 85-гадовы муж выехаць адмовіліся.
"Адны жывем, дзеда цяпер няма. Тут у Баровай колькі двароў, а тады Майскі. А мы адны. Можа з'едзем сёлета, ужо старыя, дык паедзем".
Гэта вёска Дуброўка, якая пахаваная была яшчэ ў 1993 годзе! Больш за 15 год тут жывуць людзі без прыкметаў цывілізацыі. Праўда, сюды даязджае аўталаўка, а ваду можна браць з калодзежа побач. У некалькіх дзясятках кіламетраў ад пахаваных вёсак — горад Касцюковічы, у якім жыве больш за 15 тысяч чалавек. Яшчэ непадалёк — Чэрыкаў і Майскі.
"Там таксама радыяцыя, але людзей адтуль не высялялі, бо ён занадта вялікі. І невядома, дзе болей радыяцыі: у адселеных вёсках ці там, дзе жывуць людзі. І гэта ўсё вельмі страшна ўявіць", — кажа адна з удзельніц вандроўкі па "зоне" Каця Маркоўская.
Ад многіх адселеных вёсак засталіся толькі курганы. Дрэва назапашвае радыяцыю, таму для хаткі закапвалі ў ямінах. Тут узровень радыяцыі больш за 100 мікрарэнтген, пры тым што максімальна дапушчальны — 30.
Старшыня Аляксей Янукевіч кажа, што крытыкі яны не баяцца, бо ўпэўненыя ў сваім кроку.
"Некаторыя людзі проста накручаныя на рабленні рытуальных аднолькавых рэчаў. Іх мэта — каб быў нейкі працэс. Мы ж накіраваныя на дасягненне вынікаў і таму не баімся прымаць такія смелыя рашэнні".
А вынікі ўжо можна падвесці. Прыбраць некаторыя адселеныя вёскі атрымалася: Вепрын, Чудзяны ды Малінаўку. Таксама актывісты наведалі ліквідатара Анатоля Бялько. Яму партыйцы дапамогуць набыць дарагія лекі за мяжой. Цяпер Партыя БНФ збірае грошы, якія пералічаць магілёўскаму і гомельскаму анкалагічным дыспансерам.