У Палацы Незалежнасці — трохпавярховы зімовы сад, 3D-кінатэатр, басейн
А таксама верталётная пляцоўка.
"Комсомольская правда" прааналізавала дакументы, датычныя будаўніцтва і абсталявання нядаўна адкрытага Палаца Незалежнасці.
З гэтых дакументаў вынікае, што ў палацы павінна быць мноства пакояў і залаў. "Камсамолка" налічыла не менш за 45 памяшканняў на першым паверсе, 13 — на другім і 14 — на трэцім паверхах. Дарэчы, прынамсі два пакоі задумваліся як спальні. Меркавалася, што ў палацы будуць вялікая і малая банкетныя залы, універсальная зала, зала для ўрачыстых мерапрыемстваў і афіцыйных сустрэч, зала прэс-цэнтра, зала перамоваў, зала нарадаў і зала для ўзнагароджанняў "Беларусь". На другім паверсе — яшчэ дзве залы нарадаў, зала для ўручэння даверчых грамат са шкляным купалам і малая зала перамоваў. Адразу на двух паверхах месціцца абыходная галерэя, а зімовы сад займае і ўвогуле тры паверхі.
Паводле дакументаў, на трэцім паверсе павінен размяшчацца 3D-кінатэатр, абсталяваны сістэмай Dolby Digital, якая складаецца з 33 калонак, і прайгравальнікам blu-ray. Па ўзроўні абсталявання зала не саступае самым сучасным сталічным кінатэатрам. Зала для ўрачыстых цырымоній на першым паверсе мае спецыяльныя заслоны, якія не прапускаюць гук.
Паводле планаў, усе ўваходы мусяць быць абсталяваныя шасцю аркавымі металадэтэктарамі і чатырма канвеерамі з рэнтгенам - як у аэрапортах. На КПП ахова збіраецца аглядаць праз рэнтген усе аўтамабілі, якія заязджаюць на тэрыторыю рэзідэнцыі.
Палац абсталяваны сістэмай абароны ад праслухоўвання. Каб немагчыма было слухаць размовы праз ваганні шкла, закупляліся прылады абароны маўленчай інфармацыі "Прыбой". У складзе сістэмы 239 выпраменьвальнікаў: яны ствараць на вокнах мікра-шумы, блакуючы працу абсталявання для праслухоўвання.
На выпадак адключэння электраэнергіі рэзідэнцыя мае тры дызельныя генератары сумарнай магутнасцю 3,9 мегавата. Такой магутнасці дастаткова, каб адначасова сілкаваць амаль 50 тысяч лямпачак асвятлення ці 13 тысяч настольных кампутараў. Такім чынам, усе камп'ютары, медыясістэмы, відэаназіранне, тэхналагічнае абсталяванне, сістэмы сантэхнікі і вентыляцыі, кандыцыянеры ў палацы здольныя працаваць цалкам аўтаномна.
Як паведамляла Еўрарадыё, у лістападзе ў Палац Незалежнасці ўжо могуць пачаць пускаць экскурсіі.
Фота — ctv.by