У партыі Казуліна спрачаюцца наконт таго, ці ёсць у іх дэмакратыя

Днямі ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якую ачольвае палітвязень Аляксандр Казулін, быў утвораны аргкамітэт па стварэнні фракцыі.  Пра гэта Еўрарадыё распавёў сябра партыі і актывіст прадпрымальніцкага руху Віктар Крываль:

"Вымушаныя былі мы аб'явіць аб тым, што ствараем фракцыю з такой цікавай назвай "За ўнутрыпартыйную дэмакратыю" ў дэмакратычнай партыі. Гэта нейкім чынам нават нонсенс, такая назва. Але яна найлепшым чынам вызначае сэнс яе ўтварэня. Таму што гэтая ўнутрыпартыйная дэмакратыя ў БСДП адсутнічае".

Крываль і яго аднадумцы, сярод якіх Уладзімір Нісцюк і Ігар Рынкевіч, незадаволеныя стылем кіраўніцтва партыі. Нагадаем, пакуль Казулін за кратамі, БСДП (Г) ачольвае Анатоль Ляўковіч. Таго ж Крываля знялі з пасады старшыні кіраўніка Мінскай абласной арганізацыі ў той час, калі ён быў... за кратамі.

Еўрарадыё датэлефанавалася да Ляўковіча і пацікавілася яго думкай пра стан з дэмакратыяй у сацыял-дэмакратаў.

Анатоль Ляўковіч: "Для мяне якраз гэта сімптом і паказчык таго, што мы ідзем у правільным накірунку. Вось такія заявы: фракцыю створым, дэмакратыі няма ў партыі. Гэта якраз гаворыць пра тое, што яна ёсць".

Дарэчы, абодва бакі кажуць пра тое, што ніякага расколу ў партыі няма і не можа быць.