У парыжскай бяздомнай знайшлі 95 тысяч долараў

Працаўнікі сацыяльных служб Парыжа знайшлі ў бяздомнай жанчыны амаль 68,5 тысяч еўра (95 тысяч долараў). Грошы знайшлі ў 66-гадовай Дэніз, якую на парыжскіх вуліцах клікалі "прынцэсай". Яна 10 гадоў жыла каля чыгуначнай станцыі Монпарнас. Калі высветлілася, што сцяна, каля якой жыла Дэніз, утрымоўвае небяспечны для здароўя азбест, яе паспрабавалі перасяліць, але жанчына пачала супраціўляцца.

Аказалася, што ў старых пакетах і чамаданах, якія жанчына заўсёды трымала пры сабе, былі банкноты. Каб падлічыць усё, што знайшлі ў Дэніз, спатрэбіўся тыдзень. Бяздомная адмовілася распавесці, адкуль у яе столькі грошай. Жанчыну пасялілі ў сацыяльную гасцініцу на ўскраіне Парыжа, а гарадскія ўлады прымаюць рашэнне, што рабіць з грашыма.

AFP