У Пецярбургу пакаралі беларуса, які выдаваў сябе за дарадцу Пуціна

Шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму атрымаў беларус Вячаслаў Главацкі, які ў Пецярбургу выдаваў сябе за дарадцу прэм'ера Ўладзіміра Пуціна, а таксама за сябра старшыні праўлення "Газпраму" Аляксея Мілера і намесніка кіраўніка адміністрацыі расійскага прэзідэнта Ігара Сечына. Падчас сустрэч з камерсантамі і чыноўнікамі ён звычайна называў сябе генералам розных расійскіх спецслужбаў.
Ураджэнца Брэсцкай вобласці прызналі вінаватым у двух буйнамаштабных аферах і выкарыстанні фальшывых дакументаў, паведамляе сайт novayagazeta.spb.ru. Выданне не выключае, што ахвяраў Главацкага можа быць значна больш, прычым не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі.

У нашай краіне некалькі гадоў таму ён выдаваў сябе за "дарадцу па эканамічных пытаннях Уладзіміра Пуціна". Быў затрыманы, але пасля яго выпусцілі пад заклад у 820 тысяч долараў, нейкім чынам ён здолеў пазбегнуць пакарання і вярнуўся ў Расію.