У перамовах па нафце Беларусь і Расія абмяркоўваюць стаўку транзіту

У беларуска-расійскіх перамовах па пастаўках нафты бакам засталося ўзгадніць "паўтара пытання", паведамляе БЕЛТА. Асноўнае з іх - стаўка транзіту нафты праз тэрыторыю Беларусі. Нагадаем, што перамовы па нафтавым пытанні працягваюць у Маскве дэлегацыі, узначаленыя першым віцэ-прэм'ерам Беларусі Ўладзімірам Сямашкам і віцэ-прэм'ерам Расіі Ігарам Сечыным.

Беларускі бок настойвае, што тарыф на прапампоўку расійскай нафты праз Беларусь павінен быць павышаны прыкладна на 25-30% і даведзены да ўзроўню Ўкраіны, Польшчы, Чэхіі, Славакіі. Расійскі бок пакуль згаджаецца на павышэнне транзітнага тарыфу ў межах 10-11%.

Разам з тым, бакі ўдакладнілі аб'ём расійскай нафты, які плануецца пастаўляць у Беларусь бязмытна: кожны год гэтая лічба будзе пераглядацца. Акрамя таго, папярэдне Расія пагадзілася вызваліць ад мытнай пошліны той аб'ём нафты, які будзе перапрацаваны на беларускіх НПЗ, а затым пастаўлены ў выглядзе нафтапрадуктаў у Расію.