У Пінску рыхтуецца маштабная рэканструкцыя 150-гадовага парку

Маштабная рэканструкцыя чакае 150-гадовы парк у Пінску, які займае больш за 4 гектары.  Вось якія падрабязнасці даведаўся наш карэспандэнт Глеб Паўлоўскі:

“Тэрыторыя парку будзе падзеленая на тэматычныя зоны: мемарыяльную, набярэжную, забаўляльную. Падчас рэканструкцыі будаўнікі адрамантуюць аўтамабільныя і пешаходныя шляхі ў парку, усталююць новае асвятленне і пабудуюць амфітэатр на 600 месцаў. Адміністрацыя парку плануе перабудову гаспадарча-адміністрацыйных будынкаў, пабудову шахматна-шашачнага і чытальнага павільёнаў. Акрамя таго, гарадскі парк чакае адкрыццё новых атракцыёнаў, аднаўленне фантанаў і ўстаноўка малых формаў паркавай скульптуры”.

Паведамляецца, што ахвярай рэканстукцыі ўжо сталі старыя дрэвы, якія моцна павысякалі цягам апошніх двух гадоў. Гэтак, на тэрыторыі г.зв. “мемарыяльнай зоны” дрэваў практычна не засталося. Адміністрацыя тлумачыць гэта тым, што высечаныя былі крохкія старыя таполі і абяцае насадзіць новых дрэваў.