У Полацкім раёне елі клёцкі, каб пераадолець крызіс (фотарэпартаж)

У вёсцы Гараны Полацкага раёна ў нядзелю прайшоў першы чэмпіянат па паяданню клёцак “Абжора-2009”.
Спаборніцтвы супалі са святам вёскі ды юбілею гаспадаркі — СПК “Гараны”. Да школы, дзе мусілі есці, вяскоўцы рушылі ў калоне, як на першамай — з балёнікамі, кветкамі, ды з міліцэйскім духавым аркестрам.



Калі адыграла музыка, эстафету падхапілі дзяўчаты-чэрлідэршы з арыгінальнымі “крычалкамі”:

"Хто есць клёцкі, хто есць хрэн, будзе як Сафі Ларэн! Есці клёцкі — не прапасці, ў кнігу Гінэса папасці!"




Каманды, па трое аб’ядалаў у кожнай, змагаліся ў трох намінацыях. Першы член каманды павінны быў праглынуць як мага больш клёцак за тры хвіліны. Другі мусіў есці клёцкі зубачысткамі.



На трэцім этапе пераможцам станавіўся той, хто першым з’есць дваццаць клёцак. Удзельнікаў конкурсу папярэдзілі — есці трэба вытанчана, прыгожа, і не пэцкацца. Маўляў, хаця конкурс і завецца “Абжора”, але мы тут сабраліся не жраць, а ўвасабляць лозунг “Купляйце беларускае!”



Намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пятро Пяткевіч лічыць, што клёцка — гэта ўвасабленне нацыянальнай беларускай ідэі.

Пяткевіч: "Мы хацелі проста зацікавіць чымсьці людзей, а атрымалася, што і прыўзнялі неяк нацыянальную ідэю! Вось украінцы ганарацца варэнікамі, расіяне — пяльменямі, немцы без сасісак не немцы, так? А мы павінны ўзняць нашую нацыянальную ідэю, што беларуская клёцка –—гэта беларуская клёцка!"

Канкурсанты — прадстаўнікі розных гаспадарак ды прадпрыемстваў Полацкага раёна — да конкурсу рыхтаваліся хто як мог. Адны ня елі, каб было месца ў жываце, другія, наадварот, “разбівалі” страўнік. З-за конкурснага стала некаторыя пайшлі... галоднымі, бо есці ўсё ж трэба было толькі тры хвіліны. Эдуард Чуркін з каманды малаказавода паскардзіўся, што з’еў бы яшчэ дзесятак клёцак, але часу не хапіла. Тое, што есці яму давялося зубачысткамі, спадара Чуркіна не засмуціла:

"Далі б кітайскія палачкі, то клёцкі і імі б з’еў!"


Некалькі камандаў, што заявілі аб сваім удзеле ў конкурсе, не прыехалі. Каб месцы за сталом не пуставалі, арганізатары пасадзілі на іх вясковых дзяцей. Малыя абагналі некаторых дарослых, з’еўшы па дзесятку клёцак.





Дарэчы, лозунг, што вісеў над галовамі канкурсантаў, сцвярджаў, што “Здаровы апетыт крызіс пераможа!”. Маўляў, хто як есць, той так і працуе.

Ну а рэкардсменам стаў працаўнік Полацкага малочнага камбіната Ўладзімір Якімаў, які за 5 хвілін з'еў аж 16 клёцак з мясам. А гэта амаль кілаграм!