У польскім сейме пройдзе канферэнцыя па поствыбарнай сітуацыі ў Беларусі

У польскім сейме 13 студзеня пройдзе канферэнцыя па поствыбарнай сітуацыі ў Беларусі, паведаміў БелаПАН старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Паводле яго слоў, на канферэнцыю ў Варшаву павінен быў ехаць былы кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. "Аднак Кастусёў з'яўляецца падарозным па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Выязджаць з краіны ён можа толькі з дазволу следчага, а следчы такога дазволу не даў. Таму на канферэнцыю паеду я", — сказаў Янукевіч.

Канферэнцыя носіць рабочую назву "Ваеннае становішча ў Беларусі? Як да гэтага дайшло і што далей?". Ініцыятарамі яе правядзення сталі ўрадавыя і недзяржаўныя арганізацыі. Плануецца, што ў яе працы возьмуць удзел беларускія і польскія палітыкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, журналісты, сваякі арыштаваных. "Я планую ўзняць пытанні дапамогі палітзняволеным і іх сем'ям, дапамогі адвакатам, якія абараняюць палітзняволеных, незалежнага міжнароднага медыцынскага абследавання стану здароўя палітзняволеных", — адзначыў Янукевіч.

У рамках канферэнцыі, паводле яго інфармацыі, пройдзе пасяджэнне групы сейма па сувязях з Беларуссю.

Нагадаем, Мілане Міхалевіч і Таццяне Севярынец супрацоўнікі КДБ не далі магчымасці выехаць з краіны.