У прэзідыуме Кангрэса — прадстаўнікі 6 фракцый

Сталі вядомыя дакладныя весткі пра колькасць сяброў фракцый на Кангрэсе.  Найбольш масавая — фракцыя «Рэгіёны за свабоду», якая налічвае 201 сябра. Гэта і беспартыйныя, і сябры дэмакратычных партыяў. Яе кіраўнік — Віктар Карніенка.

Астатнія фракцыі: Партыі БНФ (97 чалавек, кіраўнік — Віктар Івашкевіч), АГП пад назвай «Грамадзянскае дзеянне» (118 чалавек, кіраўнік — Аляксандр Дабравольскі), БСПД (Г) пад назвай «Справядлівая і салідарная Беларусь» (93 чалавекі, кіраўнік — палітвязень Аляксандр Казулін, на Кангрэсе ёй кіруе яго прадстаўнік Ігар Рынкевіч), ПКБ (124 чалавекі, кіраўнік — Валер Ухналёў), Саюз працы (93 чалавекі, кіраўнік — Аляксандр Бухвостаў), Еўрапейская кааліцыя (46 чалавек, кіраўнікі — Мікола Статкевіч і Павел Севярынец), Партыя свабоды і прагрэса (28 чалавек, Уладзімір Навасяд).

Для ўваходжання ў прэзідыум Кангрэсу ў фракцыі павінна быць не менш за 92 чалавекі. Такім чынам у прэзідыум патрапілі прадстаўнікі 6 фракцыяў.

Паводле апошніх звестак, у працы Кангрэса перад апошнім перапынкам бралі ўдзел 660 дэлегатаў.