У Пружанах з-за антысанітарыі зачынілі дзяржаўную краму
Дзяржаўную краму зачынілі ў Пружанах. Прычына такога рашэння — выяўленая ў ёй антысанітарыя. Пра гэта паведаміў Еўрарадыё галоўны ўрач Пружанскага раённага Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Эдвард Лагун:
"Штрафы — гэта нямоглая мера. Ад штрафу не палепшыцца санітарны стан, не палепшыцца і якасць прадукцыі. Вось нядаўна мы вынеслі пастанову і зачынілі краму на Кобрынскай. Цяпер там ідзе капітальны рэмонт. Гэта дзяржаўная крама".
Дарэчы, па звестках абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, за ліпень-жнівень бягучага года дзве траціны правераных гандлёвых кропак працавалі з парушэннямі санітарных нормаў. Паводле вынікаў праверак звольнілі 14 неахайных працаўнікоў.