У прыватных медцэнтрах прышчэпкі ад грыпу ўжо скончыліся

Як стала вядома Еўрарадыё, нават за грошы зрабіць прышчэпку ад грыпу стала даволі праблематычна. Так у медыцынскім цэнтры “Нардзін”, у адказ на тэлефанаванне Еўрарадыё, паведамілі, што і яны прышчэпкі больш не робяць.
Нардзін: “Прышчэпачкі ад грыпу? У нас яны ўжо скончыліся”.

Гэта пры тым, што каштавалі яны 60 тысяч рублёў. Што ж тычыцца прышчэпак ад “свінога” грыпу, то, па словах супрацоўніцы "Нардзіна", такіх у іх і не было.

Між тым, першы намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Роберт Часнойць прадказаў, што другую хвалю захворванняў на грып у нашай краіне трэба чакаць напрыканцы снежня — у пачатку студзеня.

А на сайце міністэрства вісіць паведамленне пра тое, што сёлета бясплатныя прышчэпкі ад звычайнага грыпу зрабілі 1 мільён 10 тысяч 632 чалавекі. На гэтым бясплатныя прышчэпкі скончыліся.