У пятніцу “Крама” завядзе “Рэактар”, а сёння Варашкевіч ідзе да споведзі

У пятніцу, 21 лістапада, у клубе “Рэактар” з двухгадзіннай сольнай праграмай выступіць легендарная “Крама”. Як стала вядома Еўрарадыё, музыкі склалі праграму такім чынам, каб на канцэрце прагучала як мага больш самых хітовых і любімых аматарамі творчасці гурту песень. Пра гэта распавёў лідэр “Крамы” Ігар Варашкевіч. Ігар Варашкевіч: “Мы ў стане адыграць добры двухгадзінны канцэрт. Што і зробім 21 лістапада ў клубе “Рэактар”. Гэта, канешне, не КЗ “Мінск”, але і туды можа прыйсці да тысячы чалавек. Мы будзем рады сустрэцца са сваімі прыхільнікамі! Я пакуль не вырашыў, якія песні прагучаць ў гэты вечар. Але ж паколькі мінскі слухач ня вельмі разбэшчаны вялікімі канцэртамі айчынных рок-выканаўцаў, то для яго любы канцэрт – падзея.

Мы адыграем усе песні з нашага апошняга альбому “Усё жыццё – дзіўны сон” і, канешне ж, усе “крамаўскія” хіты, якія даўно ведаюць і заўсёды падпяваюць разам з намі слухачы на канцэртах. Я люблю, калі зала спявае разам са мной, а людзі такім чынам выплюхваюць сваю энергію і імпэт. Абяцаем якасны гук і паспрабуем прынесці задавальненне ўсім, хто прыйдзе на канцэрт!”

Паводле слоў лідэра “Крамы”, спачатку меркавалася, што на канцэрце прагучыць некалькі песень з будучага альбома. Але, кажа, песні яшчэ не настолькі добра адрэпетаваныя, каб выходзіць з імі да публікі.

Ігар Варашкевіч:
“Калі на такім канцэрце музыкі пачынаюць граць новыя, альбо крыху “сыраватыя” песні, публіка “расхалоджваецца”. Людзі ўжо настроіліся спяваць і танчыць, а тут гучыць нешта невядомае, якое трэба слухаць. Таму і вырашылі скласці канцэрт такім чынам, каб даць магчымасць публіцы адарвацца”.

Калі з канцэртнай праграмай “Крамы” ўсё больш-менш зразумела, то казаць пра тое, што ён апране перад выхадам на сцэну, Ігар гаварыць не захацеў. Але папярэдзіў, каб у гэтым накірунку ад яго не чакалі нічога звышардынарнага. Кажа, “крамаўская” фішка у тым, каб добра адыграць канцэрт і падараваць людзям радасць, а не ў тым, каб шакаваць прыхільнікаў, здымаючы штаны на сцэне.

Канцэрт “Крамы” ў “Рэактары” праходзіць у межах кампаніі “Будзьма”. Напярэдадні канцэрту, 20 лістапада, у 16.30 арганізатары вырашылі правесці акцыю "ЗАДАЙ СВАЁ ПЫТАННЕ ІГАРУ ВАРАШКЕВІЧУ”, дзе можна запытацца ў музыканта пра што заўгодна. Як вядома, Ігар не надта любіць распавядаць журналістам пра сваё уласнае жыццё. Але ў аматараў творчасці “Крамы” будзе ўнікальная магчымасць атрымаць новыя звесткі пра легендарнага беларускага музыканта.

Фота- naviny.by