У Расіі хочуць браць адбіткі пальцаў ва ўсіх замежнікаў
Міністр унутраных спраў Расіі Уладзімір Калакольцаў прапанаваў браць адбіткі пальцаў у мігрантаў, якія ўязджаюць у Расію з краін з бязвізавым рэжымам. Такую прапанову чыноўнік агучыў на ўрадавай гадзіне ў Дзяржаўнай думе, перадае РБК.
"Плануецца распаўсюдзіць дактыласкапію і фатаграфаванне на ўсіх замежнікаў, хто прыбыў у Расію ў бязвізавым парадку на тэрмін, які перавышае 30 дзён", — паведаміў міністр. Яго ведамства распрацоўвае адпаведныя папраўкі ў заканадаўства.
Дарэчы, Беларусь акурат уваходзіць у спіс краінаў з бязвізавым рэжымам.
Сваю прапанову на гэты конт агучыў дэпутат ніжняй палаты парламента ад фракцыі "Адзіная Расія" Дзмітрый Вяткін. Па яго словах, дактыласкапію мусяць праходзіць усе замежнікі, якія прыязджаюць у Расію. Гэтую працэдуру ён назваў "мэтазгоднай мерай у барацьбе супраць сур'ёзнай пагрозы нацыянальнай бяспецы". Такім чынам дэпутат мяркуе змагацца супраць пранікнення замежных тэрарыстаў у Расію.