У расійскай Пярмі на Вялікдзень з’явіўся ўкрыжаваны Гагарын (фота)

Паліцыя расіскай Пярмі ладзіць праверку па факце інцыдэнту са з’яўленнем выявы ўкрыжаванага касманаўта Юрыя Гагарына на сцяне аднаго з дамоў. Графіці з’явілася ў ноч на 12 красавіка — яго паспелі выдаліць.

Аўтар малюнка Аляксандр Жунёў распавёў, што паліцыянты прыходзілі да яго дадому, але не заспелі яго. Мастак кажа, што яго могуць прыцягнуць да адказнасці паводле артыкула аб вандалізме, паведамляе medusa.io

На пытанне пра рэакцыю вернікаў на яго працу, мастак сказаў, што праваслаўныя ніяк не выявілі сябе, але пры гэтым была хваля абурэння ў інтэрнэце з боку людзей, не звязаных ні з царквой, ні з навукай.

Што да сваёй мастацкай задумы, то Аляксандр Жунёў патлумачыў гэта так: на 12 красавіка сёлета прыпаў праваслаўны Вялікдзень і Дзень Касманаўтыкі. Аўтару графіці гэта падалося вельмі сімвалічным, бо “навука і рэлігія доўгі час знаходзіліся па розныя бакі барыкадаў, спрабуючы адваяваць сваю долю ўплыву на розумы”.

Сваёй працай “Гагарын. Укрыжаванне” ён хацеў размаўляць на тэму гэтага шматвяковага супрацьстаяння мовай сучаснага мастацтва.