У Расонах адпрэчаны дзяўчатамі кавалер зламаў больш за 50 м плота

Пасля вячэрняй дыскатэкі ў вёсцы Альбрэхтава малады чалавек вырашыў разам з сябрамі праводзіць сваю дзяўчыну і яе сябровак дадому. Позна ўначы ім належала прайсці 5 км ад вёскі да Расонаў. Аднак прыгажуні ўчынак не ацанілі і адмовіліся ад "аховы".
Адпрэчаны кавалер усё ж працягнуў суправаджаць дзяўчат на аддаленні, інфармуе БЕЛТА. Аднак справіцца з эмоцыямі не змог і пачаў ламаць драўляны плот уздоўж дарогі. Сябры спачатку спрабавалі яго спыніць, але неўзабаве і самі далучыліся да дзейства. Агульнымі высілкамі яны паламалі больш за 50 м агароджы.

Гаспадар зламанага плота звярнуўся ў міліцыю, якая хутка знайшла хуліганаў. На маладых людзей( аднаму з іх 19 гадоў і двум па 17) пачалі крымінальную справу за хуліганства. Ім пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.