У Рэчыцы з акна выпала паўтарагадовая дзяўчынка
Раніцай у панядзелак з акна пятага паверха ў Рэчыцы выпала паўтарагадовая дзяўчынка. Пра гэта паведамляе газета “Дняпровец”.
Здарэнне адбылося на вуліцы Спартовай. Дзяўчынка выпала ў кусты. Цяпер яна знаходзіцца ў рэанімацыі ў вельмі цяжкім стане. Выданне паведамляе, што на акне стаяла маскітная сетка.
Гэта ўжо не першы выпадак падзення дзяцей з вокнаў у Беларусі. 16 ліпеня ў Салігорску з акна трэцяга паверха выпала дзіця.
Некалькі дзён да гэтага ў Бабруйску сямігадовая дзяўчынка атрымала пашкоджанні, выпаўшы з балкона 4-га паверха. 7 ліпеня двое дзяцей выпалі з вокнаў дамоў на Віцебшчыне, яны атрымалі траўмы. Крыху раней у Лоеве загінула 2-гадовая дзяўчынка, якая выпала з акна 4-га паверха.
Пасля серыі выпадзення дзяцей з вокнаў у Беларусі Следчы камітэт вырашыў праверыць вытворчасць маскітных сетак. Следчыя высвятляюць, "наколькі заяўленыя тэхнічныя патрабаванні да маскітных сетак на вокны адпавядаюць іх рэальнаму стану".