У рухавік самалёта "Белавіі" ў балгарскім Бургасе трапіла птушка
Непрыемныя ўражанні засталіся ў пасажыраў, якія ляцелі 7 жніўня з балгарскага Бургаса ў Мінск на самалёце кампаніі "Белавія".
Як піша tut.by са словаў пасажыраў, неўзабаве пасля ўзлёту самалёт пайшоў на пасадку. Як выявілася, у рухавік трапіла птушка. У "Белавіі" кажуць, што гэта першы такі інцыдэнт ад пачатку года. Пасажыры незадаволеныя тым, што ім давялося 12 гадзін чакаць у аэрапорце, пакуль прыбудзе наступны рэйс. Толькі ў 20.35 яны вылецелі на радзіму.
У "Белавіі" пацвердзілі, што рэйс, які вылятаў зранку 7 жніўня з Бургаса, быў вымушаны вярнуцца. Паколькі самалёт атрымаў пашкоджанні, было вырашана адправіць па пасажыраў рэзервовы самалёт.
У кампаніі кажуць, што пасажыраў размясцілі ў транзітнай зале аэрапорта. Увесь час з імі быў супрацоўнік аэрапорта, які даваў ім усю неабходную інфармацыю. Для пасажыраў арганізавалі двухразовае гарачае харчаванне, а дзіцяці, якое адчула боль у вушах, тут жа аказалі медыцынскую дапамогу, адзначаюць у "Белавіі". Вывезці пасажыраў з аэрапорта ў гатэль, кажуць у кампаніі, было немагчыма: пасажыры прайшлі памежныя і мытныя працэдуры, у многіх былі пагашаныя візы.