У рымска-каталіцкіх парафіях краіны адбудзецца асвячэнне школьных прыладаў

У першы тыдзень верасня ў рымска-каталіцкіх парафіях краіны адбудзецца асвячэнне школьных прыладаў, паведамляе БелаПАН. Паводле слоў адказнага за СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі айца Аляксандра Уласа, прыносячы ў святыню партфелі, ручкі, сшыткі, падручнікі, а таксама дзённікі і заліковыя кніжкі, вучні і студэнты тым самым жадаюць ахвяраваць сваю працу на карысць Бога, а таксама папрасіць у Яго дапамогі ў засваенні новых ведаў.

Акрамя таго, як паведаміў айцец Аляксандр, 16 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца імша і добраслаўленне студэнтаў на новы навучальны год.

Айцец Аляксандр запрасіў на імшу студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ, каб супольнай малітвай распачаць чарговы этап навучання і прасіць Бога накіраваць новыя веды і навуковыя дасягненні на агульную карысць.