У Салігорскім раёне знайшлі труп зніклага суддзі

У нядзелю, 11 студзеня, у лесе пад Салігорскам знайшлі труп мужчыны, які працаваў у Салігорскім раённым судзе (яго прозвішча не называецца). Ён лічыўся зніклым без вестак. Цяпер высвятляюцца абставіны смерці мужчыны. На месца здарэння прыязджаў першы намеснік старшыні Следчага камітэта Аляксей Волкаў.

Прэс-служба Следчага камітэта адзначае, што ёсць падставы меркаваць, што "смерць не носіць крымінальнага характару". Дакладную прычыну смерці назаве экспертыза.

Як паведамляла Еўрарадыё, 34-гадовы судзя Сяргей Самуйлік сыйшоў з працы 15 снежня 2014 года. Па некаторых звестках, ён пакінуў свой кабінет у працоўны час і знік. Суддзю шукалі валанцёры, міліцыя, ратавальнікі, вайскоўцы і вадалазы. Інфармацыя пра пошукі жыхара Салігорска была на мясцовым тэлебачанні, але не называлася ні прозвішча, ні месца працы, не публікаваўся нават фотаздымак. Толькі пазней стала вядома, што шукаюць менавіта суддзю.

Фота — shahter.by