У Салігорску адбылося пахаванне праваабаронцы Яны Паляковай

Пахаванне праваабаронцы Яны Паляковай прайшло ў панядзелак у Салігорску. У ім узялі ўдзел каля 100 чалавек. Каб развітацца з Янай Паляковай у Салігорск прыехалі палітыкі і грамадскія дзеячы, сярод якіх былі Вячаслаў Сіўчык, Людміла Гразнова, Алесь Макаеў, Вольга Казуліна, Раіса Міхайлоўская.  Як паведамляе БелаПАН, развітанне з Янай Паляковай праходзіла пад бел-чырвона-белым сцягам.

Нагадаем, 36-гадовая Палякова скончыла жыццё самагубствам уначы 7 сакавіка ў сваёй кватэры ў Салігорску. 3 сакавіка суд Салігорскага раёна прызнаў яе вінаватай у "заведама ілжывым даносе" на супрацоўніка міліцыі і асудзіў яе на 2,5 гады "хіміі". Акрамя таго, паводле рашэння суда яна мусіла выплаціць міліцыянту 1 млн рублёў у якасці кампенсацыі за маральныя страты. Яна Палякова лічыла сябе невінаватай, сцвярджаючы, што ўчастковы міліцыянт збіў яе.

Гібель Яны Паляковай атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Пракуратура Салігорскага раёна праводзіць праверку па факце самазабойства.

У размове з Еўрарадыё Вольга Казуліна выказала меркаванне, што Яну Палякову давялі да самагубства.

“Мы можам толькі здагадвацца, нічога афіцыйнага няма. Выключна маё меркаванне: яе давялі да самагубства. Улады рабілі ўсё, каб яна з’ехала з Салігорска, але яны не падазравалі, што Яна можа такім чынам пакінуць горад”.